Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстава "Ноч кажаноў"

З 1 кастрычніка па 30 лістапада у Музеі прыроды і экалогіі, філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь (вул. К. Маркса, 12, Мінск) пройдзе выстава “Ноч кажаноў” з калажамі Рамана Янотава і фотаздымкамі, прысвечанымі кажанам.
Кажаны – усе шмат пра іх чулі, а хтосьці непасрэдна бачыў у сталіцы. Да некаторых яны нават заляталі ў хату! Але што мы пра іх ведаем? Яны “страшныя вампіры” ці ўсё ж мілыя бяскрыўдныя істоты?
Выставу ладзіць грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ) у супрацы з НПЦ па біярэсурсах НАН Беларусі пад эгідай EUROBATS і Нацыянальным гістарычным музеям Рэспублікі Беларусь. 
Выстава адкажа на пытанні:
Ці п’юць кажаны кроў?
Чаму зімой кажаноў цягне да лядоўні?
Ці вінныя кажаны ў распаўсюдзе COVID-19?
Дзе спяць беларускія “бэтмэны”?

За візуал пазнавальных калажоў адказны дызайнер і мастак Раман Янотаў. Сярод праектаў Рамана - прынты для брэнда адзення LSTR, дызайн для сацыяльна арыентаваных ініцыятыў і тэхнічнае прадусарства гарадскога арт-фестывалю Vulica Brasil. Раман падзяляе каштоўнасці АПБ па ахове дзікай прыроды Беларусі, а тэма кажаноў цікавіць яго непасрэдна: 
- Не разумею, чаму бясшкодныя і ўнікальныя жывёліны дагэтуль пакутуюць ад стэрэатыпаў, якія склаліся, падаецца, яшчэ ў сярэднявеччы, - кажа мастак.
Тэксты для калажоў і фотаздымкі кажаноў падрыхтаваў Аляксей Шпак - хіраптэролаг, старшы навуковы супрацоўнік НПЦ па біярэсурсах НАН Беларусі, старшыня рабочай групы АПБ па рукакрылых.


- Мы шмат гадоў працуем у галіне аховы кажаноў. Гэтая выстава дае магчымасць наўпрост расказаць пра нашыя веды і досвед, бо чым больш чалавек ведае, тым паспяховей можа ўзаемадзейнічаць з дзікай прыродай без шкоды для сябе ці маленькіх рукакрылых. Упэўнены, што пасля выставы вы прасякнецеся да іх цёплымі пачуццямі.
Выстава пройдзе ў межах сусветнай Ночы кажаноў, у якой удзельнічаюць больш за 30 краін па ўсім свеце. Наведвальнікі змогуць не толькі паглядзець экспазіцыю, але і атрымаць спасылку на лекцыю ад экспертаў з Беларусі, Украіны і Германіі і нават далучыцца да аховы кажаноў у Мінску!

Калі: 01.10 -30.11, 11:00 - 19:00 без выходных.
Дзе: Музей прыроды і экалогіі, філіял Нацыянальнагаа гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, вул. К. Маркса, 12, Мінск.
Уваход вольны.
Даведкі: +375 17 363 96 33, +375 17 237 46 94, pryroda@histmuseum.by